Кнігі вярнуліся ў Беларусь з Германіі, дзе захоуваліся ў сям’і Хермана Юліуса Швезінгера — нямецкага афіцэра, які пад час Першай сусветнай вайны знайшоў іх у напаўразбураным палацы і адаправіў на радзіму. Праз сто год унук Хермана Хельмут Фікель і цётка Хельмута Марыён Швезінгер знайшлі магчымасць вярнуць кнігі ў Беларусь згодна з запаветам Хермана.
У лютым 2020 года лісты прадстаўнікоў рода Храптовічаў і тры кнігі былі вернутыя ў Беларусь з Германіі. Дзеля гэтага прадстаўнікі Фонда “Шчорсы і Храптовічы” (зараз Фонд ліквідаваны) сустрэліся з Хельмутам і Марыён у Германіі.
У студзені 2023-га спадарыня Марыён передала ў амбасаду Беларусі ў Германіі яшчэ дзве кнігі, якія знайшла ў сваёй бібліятэцы, а таксама карціну, якую яна намалявала пасля сустрэчы ў 2020 годзе. Нажаль, абмежаванні апошніх гадоў не дазволілі нашчадкам Хермана Швезінгера наведаць Беларусь асабіста.
Некалі кнігазбор Храптовічаў, які пачаў збірацца канцлерам Іяхімам Літаворам Храптовічам у XVIII стагоддзі, лічыўся адной з найбагацейшых бібліятэк ва Ўсходняй Еўропе. У бібліятэцы працавалі выбітныя дзеячы ХІХ стагоддзя, сярод якіх Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Іахім Лялевель.
Выданні, якія вярнуліся ў Беларусь, можна пабачыць у Музее кнігі Нацыянальнай бібліятэкі да 28 лютага. Яны будуць захоўвацца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Сачыць за навiнамi пра сядзiбу можна у нашым тэлеграм-канале.